ТЫ - СЭРЦА РОДНАЙ БЕЛАРУСІ! Да юбілею Мінскай вобласці

04.01.2023

Варэнік Вольга Генадзьеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА "Сярэдняя школа №1 г. Нясвіжа"

ТЫ - СЭРЦА РОДНАЙ БЕЛАРУСІ!
Ты – сэрца роднай Беларусі,
Святая Міншчына мая!
І кожны скажа: "Ганаруся
Табой, любімая зямля!"

Купала, Колас, Багдановіч –
Твае славутыя сыны,
Душою, голасам народа
І песняй сталі на вякі!

Тваіх дзяцей – вайны герояў,
Ніколі не забудзем мы,
Іх подзвіг – гэта слава, гонар
І годнасць роднае зямлі!

Яны загінулі, каб сёння
Народ пад мірным небам жыў,
І чорны дым пажараў сонца
Ад нас ніколі не закрыў.

Нашчадкам нашым ганарыцца,
Як бой трымаў Марат Казей,
Як Купрыянаў Пётр загінуў,
Агонь прыклаўшы да грудзей.

Наш боль і горыч – ліхалецце
Той страшнай, жудаснай пары...
"Аб гэтым будуць помніць дзеці!.." –
Звіняць Хатынскія званы.

Свае ты раны залячыла,
Адбудавала гарады,
І дваццаць два твае райцэнтры
Як волаты-багатыры!

Мясцін прыгожых вельмі многа,
І што ні горад – адкрыццё!
Вітаць гасцей з любой дарогі
Мы рады шчыра ўсё жыццё!

Нясвіж – музей пад сінім небам:
Ёсць брама, ратуша, палац.
У Заслаўі вас сустрэнуць з хлебам,
Тут жыў князь-кніжнік Ізяслаў!

На поўдні – Салігорск са Слуцкам,
Два вельмі блізкія браты,
Адзін ідзе калійным курсам,
Другі тчэ цуда-паясы.

БелАЗы ў Жодзіне будуюць,
Цяпер іх ведае ўвесь свет.
Лагойск працуе ў накірунку
Як лепшы гарналыжны цэнтр.

Культурай славен Маладзечна:
Тут фестываляў – не злічыць!
Сваёй архітэктурай вечнай
Барысаў будзе вас дзівіць!..

А людзі – лепшае багацце,
Што тут, на Міншчыне, узраслі,
Працуюць для нашчадкаў шчасця
І робяць гонар той зямлі!

Дык слаўся, край наш Мінскі, родны!
Квітней, любімая зямля!
Каб праз стагоддзі горда, годна
У шчасці й радасці жыла!